Як дабрацца да Беларусі?
Беларусь знаходзіцца ў цэнтры Еўропы, мае агульныя межы з Расіяй, Украінай, Польшчай, Літвой і Латвіяй. Прыехаць у краіну можна паветраным, чыгуначным і аўтамабільным транспартам.
АВІЯ
Большая частка падарожнікаў у Беларусь прылятае.
Найбуйнейшы ў краіне Нацыянальны аэрапорт «Мінск» размешчаны амаль у 30 км ад сталіцы. Пасля праходжання пашпартнага кантролю да горада можна дабрацца аўтобусам (ходзіць кожныя 20 хвілін), таксі (каля 20 еўра) альбо ўзятым напракат аўтамабілем. Акрамя таго, у межах Мінска функцыянуе яшчэ адзін аэрапорт, з якога ажыццяўляюцца рэгулярныя рэйсы ў Маскву, а таксама чартарныя палёты.
Рэйсы ў Мінск прапануе шэраг авіякампаній, у тым ліку:
- «Люфтганза» (Германія);
- «Аўстрыйскія авіялініі» (Аўстрыя);
- «Лот» (Польшча);
- «Эль Аль» (Ізраіль);
- «Этыхад Эрвейс» (Аб'яднаныя Арабскія Эміраты);
- «Туркменістан Айрлайнс» (Туркменістан);
- «Аэрасвіт Айрлайнс» (Украіна);
- «Аэрафлот» (Расія);
- «S7 Эйрлайнс» (Расія);
- «ЮТэйр» (Расія);
- «Чэшскія авіялініі» (Чэхія);
- «ЭйрБалтык» (Латвія) і інш.
Нацыянальны авіяперавозчык «Белавія» валодае сучасным паркам паветраных судоў, якія адпавядаюць патрабаванням агульнасусветных стандартаў па тэхнічнай бяспецы, шумах. У іх ліку Boeing 737-500, Boeing 737-300, CRJ-100/200 LR, Ту-154М, Embraer 175.
ЧЫГУНКА
Прыехаць у Беларусь цягніком можна практычна з любога буйнога горада Еўропы і СНД. Пасажырскія чыгуначныя зносіны звязваюць рэспубліку з Амстэрдамам, Базель, Франкфуртам-на-Майне, Берлінам, Кёльнам, Варшавай, Прагай, Браціславай, Будапештам, Варнай, Бухарэстам, Венай і інш., а таксама са сталіцамі і адміністрацыйнымі цэнтрамі Расіі, Украіны, Малдовы, Літвы і Казахстана.
Маршрутная сетка ўнутры краіны ахоплівае больш за 2100 населеных пунктаў.
У рэспубліцы функцыянуе 21 буйны чыгуначны вакзал з развітой інфраструктурай і комплексам сэрвісных паслуг для пасажыраў.
АЎТОБУС
Большасць міжнародных аўтобусных рэйсаў у Беларусь прыбываюць на сталічны аўтавакзал «Цэнтральны».
Аўтобусныя маршруты звязваюць сталіцу Беларусі з такімі краінамі, як:
- Бельгія;
- Германія;
- Італія;
- Літва;
- Латвія;
- Нідэрланды;
- Польшча;
- Расія;
- Украіна;
- Францыя;
- Чэхія;
- Эстонія.
Акрамя таго, рэйсы па міжнародных маршрутах ажыццяўляюцца з абласных і раённых цэнтраў Беларусі.
АЎТАМАБІЛЬ
Рэспубліка Беларусь знаходзіцца на скрыжаванні асноўных транспартных маршрутаў, якія злучаюць Заходнюю Еўропу з Усходам, рэгіёны Чарнаморскага ўзбярэжжа з краінамі Балтыйскага мора. Тэрыторыю Беларусі перасякаюць два транс'еўрапейскія транспартныя калідоры: нумар II (Захад — Усход) і нумар IX (Поўнач — Поўдзень) з адгалінаваннем IXВ.
Аўтамабільная дарога М-1 / Е30 Брэст — Мінск — мяжа Расійскай Федэрацыі з'яўляецца участкам транс'еўрапейскага транспартнага калідора нумар II (Берлін — Варшава — Мінск — Масква — Ніжні Ноўгарад), які злучае Германію, Польшчу, Беларусь і Расію. Сёння аўтамабільная дарога М-1 / Е30 па тэхнічных параметрах адпавядае міжнародным стандартам, на ёй прымяняюцца самыя сучасныя тэхналогіі і сродкі арганізацыі дарожнага руху. Большай яе частцы нададзены статус дарогі для аўтамабіляў, а значыць, тут павялічана дазволеная максімальная хуткасць руху да 120 км / г.
Аўтамабільная дарога М-8 / Е95 мяжа Расійскай Федэрацыі — Віцебск — Гомель — мяжа Украіны перасякае тэрыторыю рэспублікі з поўначы на поўдзень, мае працягласць 456 км і з'яўляецца участкам транс'еўрапейскага транспартнага калідора нумар IX, які злучае Фінляндыю, Літву, Расію, Беларусь, Украіну, Малдову, Румынію, Балгарыю і Грэцыю.
Адгалінаванне калідора IХВ Гомель — Мінск — Вільнюс — Клайпеда забяспечвае выхад з абласцей Усходняй Украіны і Цэнтральнай Расіі да спецыялізаваных марскіх партоў Клайпеды, Вентспілса і Калінінграда.