:

Правілы і рэгламент увозу зброі ў Рэспубліку Беларусь

Паляўнічыя і аматары спартыўнай стральбы — частыя госці Рэспублікі Беларусь. І тыя, і іншыя павінны памятаць пра правілы ўвозу грамадзянскай і службовай зброі, яе асноўных частак і патронаў.

Зброя і боепрыпасы прыраўноўваюцца да тавараў, увоз якіх на тэрыторыю Мытнага саюза (а значыць, і Беларусі) абмежаваны.Дакумент, які рэгламентуе парадак іх перамяшчэння праз мытную мяжу, распаўсюджваецца на ўсіх, хто ўвозіць такія тавары ў некамерцыйных мэтах.

Ліцэнзаванне зброi i боепрыпасаў

Завезці ў Беларусь зброю і боепрыпасы можна, атрымаўшы ліцэнзію. Выдачай такіх дакументаў займаецца Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь. Акрамя таго, для ўвозу зброі неабходны дазвол МУС і галоўнага ўпраўлення ўнутраных спраў Мінскага гарвыканкама або абласных УУС. Тэрмін дзеяння дазволу — 6 месяцаў ад дня выдачы дакумента.

Для афармлення ліцэнзіі ў Міністэрства ўнутраных спраў неабходна падаць:

  • запоўненую і аформленую заяву аб выдачы ліцэнзіі;
  • электронную копію заявы ў фармаце, зацверджаным Камісіяй мытнага саюза. Пры гэтым копія павінна быць створана з дапамогай бясплатнага праграмнага забеспячэння, распрацаванага Камісіяй, альбо з дапамогай дакладнага яго аналага;
  • копію знешнегандлёвага дагавора, а ў выпадку яго адсутнасці — іншага дакумента, які пацвярджае намеры бакоў;
  • копію дакумента аб пастаноўцы на ўлік у падатковым органе;
  • копію ліцэнзіі на ажыццяўленне дзейнасці, звязанай са службовай і грамадзянскай зброяй і боепрыпасамі да яе, калекцыянаваннем і экспанаваннем зброі і боепрыпасаў;
  • іншыя дакументы, калі яны вызначаны рашэннем Камісіі.

Калі заява аб выдачы ліцэнзіі афармляецца на ўвоз некалькіх відаў, тыпаў і мадэляў зброі, да заявы афармляецца дадатак. Сама ліцэнзія выдаецца пасля прадастаўлення заяўнікам дакумента, які пацвярджае аплату дзяржпошліны.

Пасля ўвозу зброю неабходна сертыфікаваць, а таксама атрымаць у органах аховы здароўя дакумент аб дапушчальнасці ўздзеяння на арганізм чалавека паражальных фактараў зброі.

На працягу 15 працоўных дзён ад дня падачы дакументаў МУС альбо выдасць ліцэнзію, альбо адмовіць у выдачы. Падставай для адмовы можа стаць наяўнасць няпоўных або недакладных звестак у дакументах, невыкананне патрабаванняў, прадугледжаных Пагадненнем аб ліцэнзаванні, спыненне або прыпыненне дзеяння дакументаў, якія служаць падставай для выдачы ліцэнзіі, а таксама парушэнне міжнародных абавязацельстваў, якое можа наступiць у вынiку выканання дагавора.

Рашэнне аб адмове ў выдачы ліцэнзіі павінна быць матываваным і прадастаўляецца заяўніку ў пісьмовай форме. Адпаведна, адсутнасць ліцэнзіі — гэта падстава для адмовы ў мытным афармленні зброі.

ВЫПАДКІ, КАЛІ ЛІЦЭНЗІЯ НЕ ПАТРАБУЕЦЦА

Ліцэнзія патрабуецца не заўсёды. Так, пры ўмове дазволу на ўвоз зброю, набытая фізічнымі асобамі ў трэцяй краіне для асабістага карыстання, не ліцэнзуецца. Гэта ж тычыцца часовага ўвозу зброі фізічнымі асобамі або спартыўнымі арганізацыямі для ўдзелу ў спартыўных спаборніцтвах і паляванні.

Акрамя таго, не патрабуецца ліцэнзія на ўвоз зброі фізічнымі асобамі, якія ўязджаюць на пастаяннае месца жыхарства ў Беларусь, а таксама на часовы ўвоз зброі для ўдзелу ў выставах. Нарэшце, не ліцэнзуюцца канструктыўна падобныя да зброі вырабы і зброя, якая мае культурную каштоўнасць, але не аднесеная да антыкварнай.

Дыпмісіі Беларусі за мяжой

Усе дыпмісіі Сайт МЗС
Перайсці